Пенсіянера, які спрабаваў падпаліць старшыню сельсавета, аштрафавалі

Інвалід другой групы па зроку, вязень нямецкага канцлагера Павел Левашэвіч лічыць пакаранне занадта суровым, хаця і раскайваецца ў сваім учынку.

Нагадаем, у верасні 2012-га мужчына прыйшоў у сельсавет і абліў старшыню бензінам, але падпаліць не паспеў. Запалкі з яго рук той выхапіў і выклікаў міліцыю.

"Дапёк мяне старшыня так, што я абліў яго і сябе бензінам, каб падпаліць, — цытуе словы Левашэвіча сайт spring96.org. — Мне надакучыла такое жыццё. Мне старому, інваліду, сляпому і глухому сельвыканкам адмовіў у накіраванні ў дом састарэлых. А калі папрасіў сацработніка хоць на два дні ў тыдзень, таксама адмовілі. Маўляў, сам у краму ходзіш. Але мне дома цяжка спраўляцца, хоць крышку яшчэ хаджу. Прычына ў тым, што старшыня даўно недабразычліва да мяне ставіцца, што публічна не раз праяўлялася".

Па словах інваліда, у судзе яго ніхто не стаў слухаць. Пракурор прасіў даць штраф у 5 мільёнаў рублёў, далі тры мільёны. Павел Левашэвіч не ўпэўнены, што паспее яго выплаціць, бо моцна саслабеў апошнім часам.


Пенсіянер абліў бензінам старшыню сельсавета і дастаў запалкі

Фота — spring96.org