Пенсіянерка выдурвала тысячы долараў на "хабар" міліцыянтам і лекарам
За падбухторванне да дачы хабару і махлярства 60-гадовую жыхарку Гомельшчыны асудзілі на тры з паловай гады пазбаўлення волі.
Як паведамляе БелаПАН, жанчына "дапамагала" знаёмым вырашыць тую ці іншую праблему і брала грошы за перадачу хабараў нейкім уплывовым людзям. Яна, нібыта, дапамагала паступіць у ВНУ, патрапіць на лячэнне ў бальніцу. Людзі ўсё гэта рабілі самастойна, але думалі, што ім сапраўды дапамаглі.
Агулам у крымінальнай справе праходзіць 21 эпізод злачыннай дзейнасці. Пенсіянерка завалодала больш за 5 тысячамі долараў і каля 2 млн рублёў. Дарэчы, у судзе жанчына сцвярджала, што не брала грошы сабе, а сапраўды перадавала хабары. Толькі не сказала — каму.