Пракуратура правярае, чаму пад абвалам сцяны ў Брэсце загінула пенсіянерка
Нагадаем, што здарэнне адбылося на вуліцы Савецкай каля 10 гадзін 23 снежня.
Як паведамляе БелаПАН, праверку вядзе Брэсцкая абласная пракуратура. Паводле папярэдніх звестак, будаўнікі з дапамогай экскаватара разбіралі аднапавярховы цагляны будынак. Каля яго з боку вуліцы стаяла агароджа.
Падчас працы фасад будынка абваліўся. Сцяна абрынулася на плот, які зваліўся на ходнік. Тым часам побач з домам знаходзілася мясцовая 60-гадовая жыхарка.
Па звестках пракуратуры, будаўнікі паднялі жанчыну, пасадзілі на лавачку і выклікалі хуткую дапамогу. Але медыкі канстатавалі смерць пенсіянеркі. Прычыну смерці жанчыны высвятляе судова-медыцынская экспертыза.