Праціўнікам пабудовы кітайскага тэхнапарку не дазволілі правесці рэферэндум
Група жыхароў Смалявіцкага раёна сабрала подпісы за правядзенне мясцовага рэферэндуму.
На ім меркавалася прапанаваць адказаць на пытанне: "Ці згодны вы з размяшчэннем на тэрыторыі Смалявіцкага раёна кітайска-беларускага індустрыяльнага парку?". Аднак раённае ўпраўленне юстыцыі паведаміла, што ўзнятае пытанне на мясцовым рэферэндуме адносіцца да кампетэнцыі не мясцовых, а рэспубліканскіх уладаў, паколькі ўказ пра будаўніцтва тэхнапарку падпісаў кіраўнік дзяржавы.
А вось рэспубліканскі рэферэндум па гэтым пытанні яны ініцыяваць не могуць, паколькі ўказы Аляксандра Лукашэнкі на рэферэндуме не абмяркоўваюцца, інфармуе БелаПАН.
Нагадаем, 5 чэрвеня Лукашэнка падпісаў указ, згодна з якім у Смалявіцкім раёне на плошчы больш за 8 тысяч гектараў будзе створаны кітайска-беларускі індустрыяльны парк. Ён будзе ўяўляць сабою асобную эканамічную зону, надзеленую на 50 гадоў спецыяльным прававым рэжымам. Прыярытэтныя кірункі, вызначаныя да развіцця ў парку, — электроніка, біямедыцына, тонкая хімія і машынабудаванне.