Праваабаронца хоча зрабіць Крымінальны кодэкс больш жорсткім
З такой прапановай у Савет міністраў звярнуўся Раман Кісляк з Брэста.
Ён хоча, каб у Беларусі ўвялі пакаранне ў выглядзе пажыццёвага зняволення без магчымасці вызвалення. Па словах Кісляка, якія перадае БелаПАН, за здзяйсненне забойстваў і шэрагу іншых асабліва цяжкіх злачынстваў закон прадугледжвае пазбаўленне волі да 25 гадоў, смяротнае пакаранне ці пажыццёвае зняволенне.
Менавіта апошняя мера насцярожвае Кісляка. Па яго словах, такое зняволенне з'яўляецца пажыццёвым толькі намінальна, бо пасля 20 гадоў адбыцця пакарання суд можа замяніць далейшае пажыццёвае зняволенне на пазбаўленне волі да 5 гадоў. Праваабаронца хоча ўзмацніць жорсткасць крымінальнага заканадаўства, дапоўніўшы яго "пажыццёвым зняволеннем без магчымасці вызвалення".
Па словах Кісляка, гэта гарантуе ізаляцыю ад грамадства небяспечных злачынцаў. Пры гэтым, кажа праваабаронца, такое пакаранне ўсё ж лепшае, чым смяротнае пакаранне.
Фота — belsat.eu