Пры следстве пра выбух у метро сведкам не прапаноўвалі апазнаць Канавалава
У прыватнасці, пра гэта ў судзе заявіла супрацоўніца фірмы па арэндзе кватэраў Таццяна Вараўка.
Па яе словах, якія перадае БелаПАН, 10 красавіка ў агенцтва патэлефанаваў, а потым і прыехаў малады мужчына. Ён сказаў, што яму трэба кватэра на трое сутак. Ён прад'явіў пашпарт на імя Дзмітрыя Канавалава. Мужчына заплаціў ёй 300 тысяч рублёў, пасля гэтага Вараўка выдала ключы ад кватэры на вуліцы Караля.
У зале суда жанчына не змагла апазнаць Канавалава. Яна адзначыла, што падчас допытаў на папярэднім следстве ёй Канавалава апазнаць не прапанавалі. І нават калі яна сама прапанавала следчым правесці працэдуру апазнання, тыя заявілі, што такой неабходнасці няма.