П’яную жанчыну-кіроўцу асудзілі на тры гады калоніі

26-гадовая жанчына напярэдадні новага года села за руль аўтамабіля “Опель Астра” у нецвярозым стане, прычым яна нават не памятае, як садзілася ў машыну і ехала па дарозе. Рухаючыся па трасе Струпень — Перасады, яна не справілася з кіраваннем і вылецела ў кювет, дзе машына некалькі разоў перавярнулася. У выніку ДТЗ 20-гадовы пасажыр атрымаў цялесныя пашкоджанні, ад якіх на наступны дзень сканаў у рэанімацыі.

Прысуд быў абвешчаны 11 красавіка. Абвінавачаная абскардзіла яго праз суворасць прызначанага пакарання. Аднак прысуд пакінулі ў сіле, а касацыйную скаргу не задаволілі, інфармуе БелаПАН.