Работніцам “Дываноў Брэста” не заплацілі абяцаныя грошы

Само прадпрыемства стаіць, і нават невялікія грошы для жанчын істотныя. На несправядлівасць скардзіцца супрацоўніца камбіната Галіна Марчук:

Марчук: "Прыбіраем штогод Брэсцкую крэпасць. Тэрыторыя падзеленая паміж прадпрыемствамі. Нас спынілі, таму шмат хто хацеў пайсці туды падзарабіць. Але пайшлі толькі выбраныя. Яе вось (паказвае на каляжанку. — Еўрарадыё) не ўзялі. Страшна было, крычалі. Таму што грабеш гэтае смецце, а адтуль змяя вылазіць… Дырэктар крычыць: "Заўтра закончыць!" У драпінах уся ходзіш, там абрывы такія, ляціш з яго… Абяцалі нам па сярэдняму тарыфу поўнага заробку закрыць. Падманулі! Заплацілі з разліку дзве траціны заробку за прастой. Гэта ў мяне 14 тысяч выходзіць. Страцілі каля 30 тысяч".

Змены ў аплаце работніцам патлумачылі тым, што не было каму закрыць нарады на працу па крэпасці. Нібыта, звольнілася супрацоўніца, якая вяла ўлік.

У каментары Еўрарадыё Марчук паведаміла, што не ведае, як будзе выпраўляць дзіця ў школу. Камбінат, хутчэй за ўсё, прастаіць цэлае лета. Між тым, з 1 чэрвеня выраслі камунальныя плацяжы. На іх пагашэнне пойдуць усе грошы, якія плацяць на прадпрыемстве.

Фота — belarus.by