Рамонт абутку: Прыносяць мадэлі, якія ўжо трэба выкідаць

Еўрарадыё заўважыла, што падчас праблем з валютай павялічыўся попыт на бытавыя паслугі.

Так, у сервісным цэнтры Digital Service кажуць, што за апошнія месяцы зваротаў стала на 30 працэнтаў болей. Калі кошты на тэлефоны істотна падняліся, то рамонт каштуе амаль, як і раней – падаражэлі толькі некаторыя дэталі.

“Пасля таго, як скакануў долар, недзе з траўня, паток павялічыўся. Ёсць мадэлі 2005-2007 года. Знешне яны нармальныя. Але на момант рамонту – да траўня – прасцей было набыць новы. А пасля падняцця коштаў, людзі пачалі прыносіць у рамонт. Сталі болей звяртацца і тэлефанаваць пытацца”.

У абутковых майстэрнях зараз не сезон. Больш за ўсё працы, калі людзі пераабуваюцца восенню ці вясной, а зараз зацішша. Тым не менш, у майстэрні “Яліна” кажуць, што ў траўні-чэрвені колькасць зваротаў павялічылася, а якасць абутку пагоршылася.

“Абутак у некаторых выпадках прыносілі такі, які ўжо можна выкідваць. Бачна, што ў сярэднім абутак стаў горшы, прыносяць мадэлі ў якіх хадзілі гадоў 10 таму. Прыходзіць, зразумела, не моладзь, а сталыя людзі. Моладзь не будзе надзяваць абы што, а багатыя таксама змогуць набыць сабе новы абутак”.

У майстэрню бытавой тэхнікі “Быттэхнасэрвіс” прыносяць усё: і тое, што нядаўна набывалі на распродажы ў крамах, і старую тэхніку. Супрацоўніца майстэрні кажа, што з ростам продажу тэхнікі ў крамах некалькі месяцаў таму, колькасць рамонтаў павялічылася працэнтаў на 60. Звяртаюцца, у асноўным, з дробнай тэхнікай.

“Нясуць хадавое: чайнікі і прасы. Прасы, не ведаю дзе іх бяруць, але вельмі “старажытныя”! Тэлевізары, ў асноўным прымаем па гарантыі. Абслугоўваем печкі, кухонныя камбайны, фены”.

Па словах супрацоўніцы, пару месяцаў таму людзі стаялі ў чэргах і вымяталі ўсё з крамаў. А цяпер вымушаны стаяць у чэргах у майстэрні, каб адрамантаваць тое, што нядаўна набывалі па ўцэнцы ці зніжцы.

Фота: photoblog.statesman.com