Сайт-двайнік беларускага парталу непраўдзівых навін створаць ва Ўкраіне

19-21 жніўня ў Адэскай нацыянальнай акадэміі сувязі імя Папова адбыўся міжнародны баркэмп OdessaCamp 2011. У канферэнцыі бралі ўдзел спецыялісты па сацыяльных медыя і мабільных сэрвісах, распрацоўшчыкі, стартаперы, інвестары і журналісты з Украіны, Расіі, Казахстана і іншых краін.

Свой даклад на міжнародным баркемпе прачытаў рэдактар сайту выдуманых навін NewsBelarus.net Валерый Асіпчык. Асіпчык распавёў Еўрарадыё, што сваім дакладам спрабаваў пераканаць прысутных у тым, што выдуманая інфармацыя таксама прымушае думаць і мае права на існаванне не толькі 1 красавіка.

Сваім дакладам рэдактар NewsBelarus.net заахвоціў стварыць падобны рэсурс ва Ўкраіне.

Асіпчык: “Пасля дакладу да мяне падышлі чалавек 7 дзесьці. Двое прапанавалі адразу сваю падтрымку як SEO’шнікі, для прасоўвання сайта, а трое прапанавалі супрацоўніцтва. І загарэліся адкрыць такі рэсурс ва Ўкраіне”.