Сёння Міжнародны валютны фонд заслухае справаздачу па Беларусі

Рада дырэктараў Міжнароднага валютнага фонду мяркуе сёння разгледзець вынікі місіі па маніторынгу Беларусі. Афіцыйны Мінск разлічвае прыцягнуць ад 3,5 да 8 мільярдаў долараў крэдыту МВФ. Заяўку на выдзяленне стабілізацыйнага крэдыту урад і Нацыянальны банк Беларусі накіравалі яшчэ 31 траўня. Эксперты сцвярджаюць, што шанцы атрымаць грошы ад МВФ у Беларусі невялікія. Неабходныя рэформы эканомікі так і не былі праведзеныя. Нагадаем, што з гэтай жа прычыны пад пытаннем аказалася выдзяленне Беларусі чарговага транша крэдыту ЕўрАзЭс. Што праўда, сума там нашмат меншая — усяго 400 мільёнаў долараў.