Сёння ў судзе адбудзецца разгляд справы брэсцкага журналіста Алеся Леўчука
Незалежны журналіст падаў апеляцыю на рашэнне суда Маскоўскага раёна Брэста па справе супраць газеты "Знамя юности".
Разгляд справы адбудзецца ў 9.30 ў Брэсцкім абласным судзе.
"Я спадзяюся, што абласны суд усё ж адменіць незаконнае рашэнне суда Маскоўскага раёна Брэста, па якім я павінен змяніць свае перакананні, — распавёў Еўрарадыё Ляўчук. — Але калі мае спадзяванні не спраўдзяцца, я буду працягваць змагацца і адстойваць сваю пазіцыю". У выпадку калі рашэнне абласнога суда будзе не на яго карысць, Ляўчук збіраецца абскарджваць рашэнне ў вышэйшай інстанцыі.
Нагадаем, Ляўчук быў звольнены з газеты "Знамя юности" пасля таго, як адмовіўся напісаць выкрываючыя матэрыялы пра падзеі 19 снежаня 2010 года на плошчы Незалежнасці і аб альтэрнатыўных кандыдатах у прэзідэнты. Пра ліст ад рэдакцыі, дзе яго папрасілі "звольніцца па асабістаму жаданню", ён напісаў у сваім блозе, што і стала падставай для абвінавачвання ў паклёпе. Суд Маскоўскага раёна Брэста задаволіў пазоў газеты. Паводле рашэння суда, журналіст абавязаны аплаціць 280 тысяч за публікацыю абвяржэння на старонках "Знамя юности", 105 тысяч за падачу іскавай заявы з боку газеты і каля 700 тысяч — у якасці кампенсацыі за транспартныя выдаткі.