Шурхай: Cуддзя не саступіла міліцыі, якая хацела хуткага разгляду справы
Яна сказала, што не будзе перапісваць пратаколы.
Затрыманы 2 жніўня на пікеце ў Горках у падтрымку палітвязня Змітра Дашкевіча брэстчанін Зміцер Шурхай учора быў адпушчаны з мясцовага суда. Суддзя задаволіла хадайніцтва палітыка аб удзеле ў працэсе адваката і перанесла разгляд справы. Вось што распавёў Зміцер Шурхай пра канфлікт суддзі і міліцыянтаў:
“Начальнік Горацкага РАУС, калі даведаўся, што мяне і Івана Шылу вызвалілі, сказаў, што “ніякіх пераносаў, ніякіх адвакатаў, сёння або максімальна заўтра ўсім суткі, каб засталіся ў Горках”. Але суддзя аказалася прынцыповай, сказала, што не будзе перапісваць пратаколы. Калі перанесла на 8 жніўня, дык так і будзе. І яшчэ: суддзя потым даведалася, што адзін з асуджаных на 7 сутак — інвалід па зроку з дзяцінства. Яна памяняла прысуд, дала яму штраф — 1 мільён 50 тысяч рублёў".
Нагадаем, учора ў Дрыбіне і Горках 10 удзельнікаў акцыі былі пакараныя адміністрацыйным арыштам — ад 5 да 17 сутак. Калі справы Змітра Шурхая і Івана Шылы будуць разглядацца 8 жніўня, то Рамана Васільева — 9 жніўня.