Шушкевіч: Я не верыў, што за Незалежнасць прагаласуе большасць дэпутатаў
А гісторык Голубеў згадвае, што для прыняцця Дэкларацыі Пазняк узяў дэпутатаў “на понт”!
Дзень Незалежнасці пэўны час святкаваўся 27 ліпеня – дэмакратычна настроеныя людзі і цяпер адзначаюць яго ў гэтую дату. Дык што ж тады адбылося роўна 20 гадоў таму – 25 жніўня 1991 года? Для слухачоў Еўрарадыё гэта тлумачыць гісторык Валянцін Голубеў, які быў тады дэпутатам Вярхоўнага Савета і ўласнаручна рыхтаваў першы тэкст Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі.
Валянцін Голубеў: “Слова “дэкларацыя” – гэта значыць “заява”. Заява, што ўсё, што знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі – яно належыць Беларусі. Гэта я тлумачу эканамічную сутнасць гэтай Дээкларацыі, прынятай 27 ліпеня 1990 года. І вось пасля жнівеньскага путча 1991 года дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР абсалютнай большасцю зразумелі, што трэба нешта рабіць з гэтай ўласнасцю. І 25 жніўня 1991 года надалі Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце статус Канстытуцыйнага закона. Значыцца, Дэкларацыя стала на адным узроўні з Канстытуцыяй. Па-сутнасці, пасля 25 жніўня Дэкларацыя стала дадаткам да Канстытуцыі”.

Спадар Голубеў прыгадвае, што задачай апазіцыі было – пераканаць у неабходнасці зацвярджэння Дэкларацыі як Канстытуцыйнага закона камуністычных дэпутатаў Вярхоўнага Савета. І тады лідар парламенцкай апазіцыі Зянон Пазняк пайшоў на пэўную хітрасць – загаварыў з дэпутатамі “іх мовай”.
Валянцін Голубеў: “Зянон Пазняк, выступаючы на сесіі, так і паўплываў на большасць Вярхоўнага Савета. Ён сказаў: “Вы ж бачыце, хто ў Маскве прыйшоў да ўлады!.. Там жа зусім не тыя людзі прыйшлі да ўлады, з якімі вы сябравалі! Яны ўсё ў нас забяруць! Калі зараз не абаронім – усё забяруць! Давайце, хутка галасуем!” І Вярхоўны Савет абсалютнай большасцю надаў статус Канстытуцыйнага закона гэтай Дэкларацыі”.
Гісторык мяркуе, што Незалежнасць магла і не прыйсці, што яе напраўду трэба было заваёўваць і адстойваць.
Валянцін Голубеў: “Савецкі Саюз мог працягнуць сваё існаванне – нават пасля таго, як былі прынятыя Дэкларацыі савецкіх рэспублік. Самае парадаксальнае, што апошнім радком у Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР ад 27 ліпеня 1990 года было запісана, што “Вярхоўны Савет БССР выступае за падпісанне новага Саюзнага дагавора”! Калі пачалі галасаваць за вось гэты момант – апазіцыя выйшла з залы ў знак пратэсту. Гарбачоў рыхтаваў новы дагавор – ён хацеў заставацца прэзідэнтам СССР”.
Станіслаў Шушкевіч у той час быў намеснікам старшыні, а потым – старшынёй Вярхоўнага Савета. У гэтыя дні ў артыкулах і інтэрв’ю Шушкевіча моцна раскрытыкаваў Пазняк. Маўляў, Шушкевіч не падтрымліваў ідэю зацвярджэння Дэкларацыі, як Канстытуцыйнага закона, і ўвогуле ўсяляк тармазіў гэтую справу.
Станіслаў Шушкевіч: “Я сапраўды не верыў, што за тую Дэкларацыю, якую мы прымалі 27 ліпеня 1990 года, у жніўні 1991 прагаласуе канстытуцыйная большасць. Таму што там яна прайшла нядрэнна, але далёка ад канстытуцыйнай большасці. І я баяўся, што гэта не пройдзе – таму ў бутэльку не лез і вялікай актыўнасці па гэтым пытанні аб наданні Канстытуцыйнага статуса Дэкларацыі аб незалежнасці не даваў, належнай падтрымкі не даваў”.
Шушкевіч кажа, што пасля прааналізаваў, якім такім дзівам камуністы таксама прагаласавалі за Незалежнасць.
Станіслаў Шушкевіч: “Яна прайшла. Я пасля зразумеў, чаму гэта адбылося. Бо няма больш нікчэмных людзей, чым камуністы ў стане страху. Яны так перапалохаліся пасля разгрому жнівеньскага путчу ў Маскве, што нават я сабе не мог уявіць, што яны могуць быць у такім стане паталагічнага страху”.
Затое Станіслаў Станіслававіч перакананы, што пасля выкупіў сваю памылку – бо скарыстаўся зацверджанай Дэкларацыяй напоўніцу.
Станіслаў Шушкевіч: “А вось ужо далей, каб выкарыстаць гэтую Дэкларацыю для заваявання пэўных нацыянальных пазіцый, – палітычных і эканамічных – вось тут, мне здаецца, наўрад ці нехта можа сказаць, што хтосьці зрабіў болей чым я. Гэта быў цэлы дэтэктыў – як нам удалося 173 галасамі (172 ужо б не прайшлі), цюцелька ў цюцельку – усталяваць на тры гады герб Пагоня і бел-чырвона-белы сцяг. Я думаю, што гэта ў памяці людской захаваецца надоўга. А частка моладзі і ўвогуле жыве гэтым. Акрамя таго, мы фактычна пратапталі тады дарогу да Віскулёў”.
Дык якая ж дата важнейшая для нашай Незалежнасці на думку Шушкевіча, 27 ліпеня 1990 года (прыняцце Дэкларацыі аб суверэнітэце), 25 жніўня 1991-га (яе зацвярджэнне ў якасці Канстытуцыйнага закона) ці 8 снежня (падпісанне Белавежскага пагаднення аб распадзе СССР)?
Станіслаў Шушкевіч: “Ні тая, ні другая, ні трэцяя. Я лічу, што найбольш важная дата апошніх ста гадоў – гэта 25 сакавіка 1918 года. Гэта сапраўдны гераізм! Заўважце, што было з тымі людзьмі, якія пайшлі на гэты шлях –яны фактычна ўсе загінулі! Я лічу, што гэта самы падыходзячы дзень для святкавання беларускай незалежнасці. А ўжо пасля гэтага я б узяў дзень прыняцця нашай Дэкларацыі аб Незалежнасці 27 ліпеня 1990 года”.
А калі казаць пра найноўшую Незалежнасць, Шушкевіч мяркуе, што рэальна яна пачалася ў Віскулях, пасля падпісання легендарнага пагаднення.
Станіслаў Шушкевіч: “Я лічу, што Незалежнасць трэба адлічваць ад таго дня, калі Расія, калоніяй якой была Беларусь, прызнала незалежнасць Беларусі. Гэта адбылося 7 снежня 1991 года (афіцыйнае падпісанне было 8-га), калі пад пагадненнем аб ўтварэнні СНД паставіў свой подпіс Ельцын. А праз два дні, калі гэта прызнаў парламент, гэта стала дзейнічаць ужо сапраўды надоўга. Я б сказаў, назаўсёды”.