Швейцарскія СМІ пішуць, што "сябар Лукашэнкі" купіў у Жэневе дарагую вілу
70-гадовы сірыец Ід Самаві стаў новым "каралём нерухомасці" на азёрных берагах Жэневы. Гэты бізнэсовец лічыцца сябрам Аляксандра Лукашэнкі.
Самаві купіў самую дарагую вілу на беразе Жэнеўскага возера. Пра гэта піша сайт Аle.by са спасылкай на швейцарскае рускамоўнае выданне "Наша газета".
Ід Самаві, уладальнік кампаніі SB Telecom, зарэгістраванай на Кіпры і з офісам у Жэневе, вядомы сваёй працай у Беларусі. Швейцарскія журналісты адзначаюць, што беларускі кіраўнік высока ацаніў інвестыцыі Самаві у эканоміку краіны.
Кампанія SB Telecom некалькі гадоў валодала аператарам сотавай сувязі Velcom. Гэтая экс-дзяржаўная кампанія і першы на рынку Беларусі аператар сотавай сувязі была выключаная з сістэмы Мінсувязі і ператвораная ў замежнае прадпрыемства.
Увосень 2007 года кантрольны пакет акцый Velcom быў прададзены аўстрыйскаму тэлекамунікацыйнаму канцэрну Telekom Austria. Выніковы прыбытак Самаві склаў прыкладна 1 мільярд еўра.