Смаленскія ўлады не хочуць "абразіць ветэранаў" помнікам Леху Качынскаму

Як піша газета "Известия", кіраўнікі Смаленшчыны ўпэўненыя, што вялікая плошча комплексу будзе раздражняць мясцовае насельніцтва.

Лідары Расіі і Польшчы Дзмітрый Мядзведзеў і Браніслаў Камароўскі ў 2011 годзе дамовіліся пра помнік загінулым у катастрофе пад Смаленскам. Палякі мусілі прафінансаваць стварэнне манумента, а расійскі бок — добраўпарадкаваць тэрыторыю. Адкрыць манумент збіраліся ў красавіку 2013 года, аднак працы дагэтуль не вядуцца.

Адна з прычынаў — запыты польскага боку, які разлічвае на тэрыторыю ў 100 тысяч квадратных метраў. На гэтай тэрыторыі палякі хочуць размясціць збудаванне даўжынёй 115 м, капліцу, невялікі музей, паркоўку і ахоўную зону. Дызайн праекта быў летась узгоднены паміж Масквой і Варшавай.

Аднак смаленскі губернатар Аляксей Астроўскі заяўляе, што такі мемарыял стане  раздражняльнікам для ветэранаў вобласці.

Фота — Reuters