Смецце, што плыве па Свіслачы, будуць затрымліваць пасткамі
Штодня з ракі Свіслач на тэрыторыі Мінска дастаюць больш за 2 тоны смецця. У тым ліку — лядоўні, элетрапліты і бярвенні.
Пасля зімы Свіслач аказалася вельмі забруджаная, канстатуюць спецыялісты УП "Мінсквадаканал". Штодня ім даводзіцца даставаць з вады каля 2,4 т смецця.
Найбольш забруджаны ўчастак паміж мастом на вуліцы Дзянісаўскай і Чыжоўскім вадасховішчам. Тут аглядчыкі выцягваюць на бераг старыя лядоўні, газавыя і электрапліты, вёдры, бярвенні. Яшчэ адзін няўдалы ўчастак — каля завода Кірава, дзе на дне знаходзіцца разнастайны прамысловы металалом.
Сёння на прыборцы Свіслачы працуюць усяго 27 чалавек, раздзеленыя на тры брыгады. Каб больш эфектыўна выконваць сваю працу, яны плануюць усталяваць пасткі-запруды, якія будуць затрымліваць смецце, што плыве па плыні. Іх размесцяць пад мастамі на вуліцах Багдановіча, Купалы і Аранскай, перадае "Мінск-навіны".