Старшыня Вярхоўнага суда паабяцаў асабіста сустрэцца з аўтарамі звароту
Старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала паабяцаў у сакавіку асабіста сустрэцца з кожным прадстаўніком групы жанчын, якія падпісалі чарговы зварот на яго імя.
Пра гэта паведаміла БелаПАН юрыст Тамара Сяргей.
Паводле яе слоў, 7 лютага 19 прадстаўнікоў групы жанчын, якія пацярпелі ад асабліва цяжкіх злачынстваў, не згодныя з рашэннямі судоў па сваіх грамадзянскіх справах і крымінальных справах блізкіх, перадалі Сукалу калектыўны зварот — 17-ы з ліпеня 2009 года. Падачу звароту яны матывавалі тым, што на індывідуальныя скаргі ў парадку нагляду працягваюць атрымліваць фармальныя адпіскі, у якіх няма адказу на пастаўленыя пытанні.
Аўтары звароту падкрэсліваюць, што Сукала парушае правы грамадзян, дадзеныя артыкулам 40 Канстытуцыі.
Тамара Сяргей выказала надзею, што ў наступным месяцы Сукала прыме ўсіх, хто падпісаў звароты, і кожнаму з іх асабіста дасць адказ у адпаведнасці з заканадаўствам.