Суддзя з "чорнага спісу" даў 12 сутак арышту Міхасю Лебедзю
Міхась сцвярджаў на судзе, што супрацоўнікі міліцыі сфальсіфікавалі пратакол, але ж на гэта ніхто не звярнуў увагі.
Суд Маскоўскага раёна Мінска прысудзіў Міхасю Лебедзю 12 сутак. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікеце, які праводзілі актывісты маладзёжных арганізацый 20 снежня на плошчы Незалежнасці ў знак салідарнасці з затрыманымі удзельнікамі акцыі пратэста 19 снежня, паведамляе "Народная Воля".
Міхася Лебедзя затрымалі 20 снежня па дарозе ў Чырвоны касцёл. Яго збілі з ног, нанеслі некалькі ўдараў дубінкай і нагамі і за ногі пацягнулі ў аўтазак.
Нагадаем, Міхась Лебедзь не быў на акцыі 19 снежня. Ён не ведаў пра акцыю, якую спрабавалі правесці актывісты дэмакратычнага руху 20 снежня. Нягледзячы на гэта, яго брутальна затрымалі падчас зачысткі і на збітага чалавека, які час ад часу страчваў прытомнасць, склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Пры гэтым яго трымалі ў міліцыі амаль 6 гадзін, фатаграфавалі, бралі адбіткі пальцаў і так і не выклікалі яму "хуткую".
Справу Міхася Лебедзя разглядаў суддзя Маскоўскага суда Яўген Хаткевіч.