З Сяргея Каваленкі знялі адну адміністратыўную справу
З віцебскага актывіста знялі абвінавачанне ў вывешванні бел-чырвона-белага сцяга на краме “Пяты элемент”.
Суд Кастрычніцкага раёна Віцебска спыніў справу, бо няма доказаў. Сцяг быў вывешаны напрыканцы лістапада. Абвінавачанне міліцыянты пабудавалі на тым, што ў інтэрнэце з’явіўся відэаролік, дзе відаць, як Сяргей Каваленка выразае доўгі драўляны кій, а потым нейкі чалавек непазнавальнай знешнасці вывешвае сцяг.
Каваленка знаходзіцца ў следчым ізалятары і трымае галадоўку, распачатую 19 снежня. Супраць сябра Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ завялі крымінальную справу паводле артыкулу “Ухіленне ад адбывання пакарання”, паведамляе Радыё Свабода. Актывіст адбывае гэтак званую “хатнюю хімію” — за тое, што ў 2010 годзе вывесіў бел-чырвона-белы сцяг на навагодняй ёлцы.