Сусветны банк раскрытыкаваў эканамічную мадэль Беларусі

Такая выснова абнародаваная ў Краінавым эканамічным мемарандуме для Беларусі. Эксперты Сусветнага банка прэзентавалі яго ў Мінску 10 ліпеня, перадае БелаПАН.

У апошняе дзесяцігоддзе, гаворыцца ў мемарандуме, тэмпы эканамічнага росту ў Беларусі былі досыць высокімі і складалі ў сярэднім каля 8% у год. Дзякуючы гэтаму дзяржава змагла істотна зменшыць узровень беднасці — з 47% у 1999 годзе да 5% у 2010 годзе.

Аднак, кажуць эксперты, эканамічны рост у апошняе дзесяцігоддзе ішоў пераважна за кошт фактараў, якія не дапамагалі павысіць канкурэнтаздольнасць эканомікі. Адной з асноўных прычынаў эканамічнага росту ў Беларусі былі танныя энерганосьбіты з Расіі. Аднак Беларусь не скарысталася тым, што атрымлівала энерганосьбіты па льготных коштах і не правяла  структурную мадэрнізацыю сваёй эканомікі. Вынікам гэтага сталі два крызісы за апошнія тры гады, гаворыцца ў мемарандуме.

Эксперты рэкамендуюць пераразмеркаваць працоўныя рэсурсы і капітал на карысць сегментаў эканомікі з высокай прадукцыйнасцю; ажыццявіць рэструктурызацыю сектара дзяржпрадпрыемстваў; павялічыць ролю прыватнага сектара і сектара паслуг у эканоміцы.

Фота — bymedia.net