Сяргей Каваленка трапіў з ШЫЗА ў медсанчастку
Віцебскі апазіцыянер адбыў у карцары 16 сутак у магілёўскай калоніі.
Паводле словаў жонкі палітвязня, Алены Каваленка, ён трапіў у ШЫЗА ў канцы ліпеня, адразу пасля спаткання са сваякамі. Спачатку Сяргею далі 9 сутак арышту, а потым дадалі яшчэ сем. З чым звязаны перавод у медсанчастку, жонка не ведае. Зняволены чамусьці знаходзіцца адзін у ізаляваным памяшканні. Дазволілі перадаць для яго шэраг лекаў для пячонкі, нырак, страўніка і падстраўнікавай залозы. Алена Каваленка мяркуе, што стан мужа пасля знаходжання ў карцары пагоршыўся, перадае БелаПАН.
Сяргей Каваленка адбывае 2,1 года зняволення за нібыта ўхіленне ад “хатняй” хіміі. Папярэдняе пакаранне ён у сваю чаргу атрымаў за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на навагодняй елцы ў Віцебску ў студзені 2010 года.