Сёння адбудзецца прэзентацыя альбома "Прэс-фота Беларусі 2010"
3 сакавіка а 19 гадзіне ў мінскай Галерэі "Ў" адбудзецца прэзентацыя альбома фотаздымкаў пераможцаў першага незалежнага конкурсу "Прэс-фота Беларусі 2010".
Фотаальбом "Прэс-фота Беларусі 2010" выйшаў у літоўскім выдавецтве "Arx Baltica".
У конкурсе "Прэс-фота Беларусі 2010" прынялі ўдзел 96 фатографаў, якія прадстаўляюць як дзяржаўныя, так і недзяржаўныя СМІ. Сярод пераможцаў пераважную большасць складаюць фатографы, што жывуць і працуюць у сталіцы, але ёсць сярод лаўрэатаў і прадстаўнікі рэгіёнаў.
"Альбом, які вы трымаеце ў руках, — вынік першага ў гісторыі конкурсу фотажурналістаў, своеасаблівы зрэз прафесійнага майстэрства беларускіх фатографаў, што працуюць у сферы медыяў", — гаворыцца ў звароце арганізатараў конкурсу. Яны плануюць, што "Прэс-фота Беларусі" стане штогадовым, паведамляе "Наша Ніва".