Сёння павінен адбыцца суд над дэмакратычным актывістам Вадзімам Кабанчуком

Суд над дэмакратычным актывістам, членам выбарчага штаба экс-кандыдата ў прэзідэнты Віталя Рымашэўскага Вадзімам Кабанчуком павінен адбыцца 15 лютага ў Мінску. Аб гэтым паведаміла БелаПАН маці актывіста бабруйчанка Таісія Кабанчук.

Паводле яе слоў, 14 лютага каля 19.00 Вадзім Кабанчук быў дастаўлены ў Мінск, у СІЗА па вуліцы Акрэсціна. Там маці затрыманага паведамілі, што яго справа будзе разглядацца 15 лютага ў судзе Маскоўскага раёна сталіцы.

Нагадаем, Вадзім Кабанчук быў затрыманы вечарам 13 лютага на пагранпераходзе "Каменны Лог". Кабанчук вёз 100 бюлетэняў з матэрыяламі аб падзеях у краіне пасля прэзідэнцкіх выбараў. Падчас мытнага надгляду бюлетэні, выдадзеныя беларускімі дэмакратычнымі структурамі за межамі краіны, былі знойдзены і канфіскаваны на экспертызу са складаннем адпаведнага пратакола.