Сёння ў судзе павінны разгледзець пазоў звольненай настаўніцы

У Пухавіцкім раённым судзе сёння павінны разгледзець пазоў звольненай настаўніцы гісторыі Наталлі Ільініч да адміністрацыі Талькаўскай школы, паведамляе Радыё Свабода.

Паводле Наталлі Ільініч, на папярэднім паседжанні суддзя ставілася да абодвух бакоў "роўна, добразычліва".

"Парушана калектыўная дамова. У ёй ёсць палажэнне, што калі працаўнік паспяхова працуе і даўно, не мае парушэнняў дысцыпліны, то дырэктар абавязаны заключыць з ім дамову на 3 ці 5 гадоў. Гэтае палажэнне парушанае. Я ж адпрацавала 25 з паловай гадоў", - распавяла настаўніца.

Нагадаем, падчас прэзідэнцкіх выбараў настаўніца збірала подпісы за дэмакратычных кандыдатаў. У канцы студзеня Наталлю Ільініч звольнілі з працы, і з таго часу былая настаўніца не можа знайсці працу ў раёне паводле спецыяльнасці. За тры тыдні да звальнення, 5 студзеня, у хаце настаўніцы КДБ правёў ператрус. Забралі сістэмны блок кампутара, прылады для фотаапарата. Наталля Ільініч мяркуе, што яе звальненне мае палітычныя прычыны.