Сёння вызваляюць актывістаў, якіх пасадзілі за акцыю салідарнасці каля КДБ
9 лютага пасля 10 дзён арышту выходзяць з ізалятару на Акрэсціна маладзёвыя актывісты Кацярына Людвіг, Паліна Кур'яновіч і Максім Вінярскі.
Пра гэта паведаміла Радыё Свабода.
Судзілі Кацярыну Людвіг, Паліну Кур'яновіч і Максіма Вінярскага ў Цэнтральным судзе Мінска. Працэсы праходзілі вельмі хутка, на іх нават не апытвалі сведак міліцыянтаў. Справа ў тым, што абвінавачаныя не адмаўлялі, што выйшлі да будынку КДБ з плакатамі, на якіх было напісана "Свабоду палітвязням".
Нагадаем, 30 студзеня ў акцыі салідарнасці з вязнямі 19-га снежня бралі ўдзел некалькі дзесяткаў мінчукоў. 7 чалавек былі затрыманыя і правялі ноч на 31 студзеня на Акрэсціна. З іх у судах былі пакараныя 10-ці сутачным арыштам 3 чалавекі, а яшчэ 4 атрымалі грашовыя штрафы – па 1 мільёну 50 тысяч рублёў, альбо 30 базавых велічынь.
Фота: belapan.com