Ці трэба баяцца неправеранай прадукцыі на рынках?

120720 Malinouski Pradukty.mp3

У наш час чалавек, які працуе на раллі, мае шмат розных сродкаў, з дапамогаю якіх можа палепшыць свой ураджай і зрабіць сваю прадукцыю вонкава больш прывабнаю. Гэта і шматлікія пырскаўкі, што забіваюць натуральных шкоднікаў, і штучныя ўгнаенні. Клопат адно ў тым, што часта такія сучасныя вынаходніцтвы шкодзяць чалавечаму арганізму. Але і сённяшняя сацыяльная дзяржава таксама не стаіць прыкутая і сваім даўнім звычаем і новымі спосабамі дае рады аматарам прадаць гладкую ды буйную, але шкодную для арганізму садавіну ды гародніну.

У лабараторыі медсанэкспертызы “Камароўскага рынку”, што правярае садавіну і гародніну на наяўнасць нітратаў, расказваюць, якім чынам дзяржава кантралюе якасць прадуктаў. Кажа загадчыца лабараторыі Кацярына Дубікоўская:

Кацярына Дубікоўская:Што да прыватнага насельніцтва — мы правяраем іх прадукцыю толькі на нітраты. Што ж да фермераў — тыя правяраюць у іншых аграхімічных лабараторыях на солі цяжкіх металаў, пестыцыды ды атрымліваюць пратакол даследавання”.


Кацярына Дубікоўская адзначае таксама, што нітраты з’яўляюцца найбольш шкоднымі рэчывамі для арганізму чалавека і часта трапляюць у нашу садавіну ды гародніну. Цікава ведаць, што пад разумным тэрмінам “нітраты” хаваецца звычайнае для большасці сялян слова “салетра”, якую ўжо здаўна выкарыстоўваюць як штучнае ўгнаенне.

Мяса правяраюць збольшага на натуральныя паражэнні, такія як трыхінелёз — хвароба, якую выклікаюць круглыя чарвякі.

Кацярына Дубікоўская:Мяса таксама правяраецца паводле шматлікіх паказнікаў. Што да свініны — мы абавязкова правяраем на паражэнне трыхінелёзам. Гэтая хвароба — небяспечная для чалавека. А таксама радыелагічныя даследаванні, арганалептычныя, медсанэкспертыза тушы і трыбухоў”.

Лабараторыі выяўляюць таксама і антыбіётыкі, якімі могуць апрацоўваць сваю жывёлу гаспадары, — адзначае Кацярына Дубікоўская.

А што ж рабіць чалавеку, што ўжо атруціўся? Галоўны спецыяліст Службы арганізацыі рынкавага гандлю Сяргей Быкаў кажа, што трэба звярнуцца са скаргаю на прадаўца, а адпаведныя службы ўжо даследуюць ягоную прадукцыю.

Сяргей Быкаў:Самае правільнае, калі чалавек упэўнены ў гэтым [тым, што спажыў шкодныя прадукты. — Еўрарадыё] — трэба звяртацца ў санітарную службу. Яны абавязаныя ўзяць прымернікі на гэтым месцы. Не ад чалавека, які можа ўзяць іх невядома дзе ды звінаваціць прадаўца. Пацверджанне таго, што вы чымсьці атруціліся, — сама наяўнасць у прадаўца таго, аб чым вы кажаце”.


То бок, чалавек проста паведамляе, а дзяржаўныя службы ўжо сваім парадкам гэта спраўджваюць. Сяргей Быкаў падкрэслівае, што такая працэдура дазваляе падысці да рэчаў больш аб’ектыўна і выключыць выпадкі несправядлівых абвінавачванняў прадаўцоў.

Сяргей Быкаў раіць не набываць прадукцыі ў прыватных асобаў, якія стаяць абы-дзе, а не ў вызначаных месцах. Яны часта не робяць экспертызы і пакупнік можа аказацца ў небяспецы.

Сяргей Быкаў:Надта кепска, калі людзі купляюць прадукцыю не ад тых, хто стаіць за прылаўкам, а ад тых, хто проста прыносіць тавар. Яны зазвычай не праходзяць лабараторнага аналізу, прадаюць сваю прадукцыю троху танней, і людзі лічаць, што зрабілі добрую пакупку”.


Спецыяліст адзначае таксама, што такую экспертызу павінны праходзіць усе.

Таму, каб была большая бяспека, трэба калі-нікалі абмежаваць сваю свабоду выбару і набываць прадукты ад правераных дзяржаваю прадаўцоў. А сырадой з-пад каровы цяпер толькі ад суседкі ды пад уласную адказнасць. Такім парадкам, ці любіце вы больш, каб вамі апекаваліся, ці хочаце апекавацца сабой самі — ваша справа. Але, як відаць, што да гэтага — выбар у вас ёсць.