Цукровыя заводы павялічылі адгрузкі ўдвая

Але нават так цукар не паспяваюць у дастатковай колькасці давезці да ўсіх крамаў, дзе на яго выбухае ажыятажны попыт.


Чуткі аб павышэнні кошту на цукар справакавалі ажыятаж у мінскіх крамах. Адсутнасць “белага золата” у Мінску канстатавалі нават у Мінгарвыканкаме: начальнік Галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынка Валянцін Байдак паведаміў, што за выходныя мінчукі купілі ў 10 разоў больш цукру, чым звычайна.
Валянцін Байдак: "У апошнія дні мы атрымоўвалі каля 350 тон цукру штодня. Тым не менш, на сённяшнюю раніцу мы засталіся практычна без цукру. Усё што паступае на прылаўкі, людзі проста змятаюць. Меры мы прымалі і сёння меры прымаем. Вагоны ўначы адпраўлены з цукровых заводаў. На працягу 3-4 дзён мы павінны пагасіць гэты ажыятажны попыт."


Еўрарадыё праверыла, ці сапраўды цукар знік з мінскіх крамаў.
“Цэнтральны” ля Кастрычніцкай плошчы прапануе слуцкі цукар па 3600 рублёў. Але знайсці ўдалося толькі каля 50 пачкаў. Па словах прадаўшчыцы, зранку быў цэлы паддон, але людзі хутка раскупляюць.
Прыкладна тая ж сітуацыя і ў “Рублёўскім” на Нямізе. Цукар ёсць, але разыходзіцца вельмі хутка.
А вось у “Кароне” цукру няма увогуле. У краме паведамілі, што яшчэ ўчора раскупілі апошні цукар. Некаторыя пакупнікі набываюць адразу па 6 упаковак.


У невялікіх крамах – таксама дэфіцыт. У харчовай краме на вуліцы Кальварыйскай цукру няма, і калі будзе – невядома. У краме ля чыгуначнага вакзала параілі звяртацца ў суседнюю краму: там нібыта нядаўна быў прывоз.
Цукровыя камбінаты адзначаюць павелічэнне попыту, але працуюць у штатным рэжыме. Намеснік дырэктара Гарадзейскага цукровага камбіната Андрэй Бацкель кажа, што пакуль што праблемы з цукрам у краіне хутчэй лагістычныя: не паўсюль, дзе ўзнікае ажыятажны попыт, яго паспяваюць давезці. 
Андрэй Бацкель: “Адгрузка павялічылася. У сярэднім адгружаем 400-500 тон за дзень. На складах цукру хапае. Проста ўсе не могуць фізічна атрымаць фасованы цукар у адзін дезнь.Але зараз толькі на нашым камбінаце 50 тысяч тон. А гадавая патрэба краіны складае 50 тысяч тон за год.”


На Жабінкаўскім цукровым заводзе адгрузкі павялічыліся ўдвая. Гендырэктар завода Віктар Міронаў кажа, што такога попыту не бывае нават падчас ягаднага сезону. 
Віктар Міронаў: “Проста фізічна не паспяваем адгружаць. Прадпрыемства зараз адгружае болей тысячы тон за суткі. Я не разумею, чаму зараз адбываецца ажыятаж. Да мяне даходзяць чуткі, што цукар будзе каштаваць 15 тысяч рублёў за пачак. Зараз у гандлі цукар каштуе 3600 рублёў за кілаграм”.
Віктар Міронаў кажа, што павышаць кошт цукру не плануецца, бо ні завод, ні “Белдзяржхарчпрам” зараз не ініцыюе падаражэння.


Застаецца гадаць, хто выйдзе пераможцам у гэтым спаборніцтве: народ, які штурмуе крамы, ці пастаўшчыкі цукру, якія павялічваюць адгрузкі. Пакуль што перавага на баку пакупнікоў: цукра відавочна не хапае. Вытворцы “белага золата” абяцаюць перахапіць ініцыятыву цягам 3-4 дзён.