У аўтааварыі пад Малой Бераставіцай загінуў памежнік (абноўлена сведчаннем)
Аварыя адбылася сёння каля 12.40.
Як паведамляе Гродзенскі блог S13, "газель" памежнікаў, якая ехала да пункту пропуску, пайшла на абгон. На сустрэчнай паласе яна ў лоб сутыкнулася з іншым аўтамабілем. У аварыі загінуў памежнік, 7 чалавек параненыя, з іх 3 чалавекі ў цяжкім стане.
Як паведаміла ў жывым эфіры Еўрарадыё відавочца Бажэна, якая была каля месца аварыі, вінаватым у аўтакатастрофе стаў кіроўца, які выехаў на сустрэчную паласу насустрач памежнікам. Па яе словах, хутчэй за ўсё, пацярпелых у аварыі павезлі ў лякарню ў Гродна.
Бажэна: Аварыя адбылася паміж Алекшыцамі і Вялікай Бераставіцай. Інспектары ДАІ кажуць, Passat выйшаў за забароненую суцэльную лінію аб'езду, выйшаў на сустрэчную пад горку, урэзаўся ў “Газель” памежнікаў. На месцы памёр супрацоўнік памежнай службы. Усе астатнія засталіся жывыя і іх забралі ў хуткую. Цяпер вяртаюся з Вялікай Бераставіцы, грузілі ўжо машыны, сабралася вельмі шмат людзей, і канстатавалі аварыю.
Еўрарадыё: Кіроўца Passat застаўся жывы?
Бажэна: І кіроўца і пасажыр засталіся жывымі.
Еўрарадыё: Як выглядае месца аварыі?
Бажэна: Былі інспектары ДАІ, было вельмі шмат людзей, была адразу пажарная служба. Усе знакі, фішкі стаялі. Вельмі страшна, шмат крыві і на адной машыне і на другой. Вельмі пакарабачаныя машыны.