У Бабруйску адмовіліся працаваць рабочыя — іх пазбавілі паловы заробку
9 ліпеня не працавала вечаровая змена цэха зборкі трактароў завода трактарных дэталяў і агрэгатаў.
Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на аднаго з рабочых, якраз учора ім раздалі разліковыя лісты аб заробку. Высветлілася, што рабочых цэха пазбавілі 45% заробленых грошай. "Я захацеў, я і пазбавіў", — так патлумачыў сітуацыю працоўным начальнік цэха Іван Асташоў. БелаПАН ён сказаў, што пазбавіў рабочых дадатковых прэміяльных з-за "неякаснай працы".
Зварот рабочых да кіраўніцтва прадпрыемства выніку не даў. Цікава, што яны падкрэсліваюць: учора быў не страйк. "Проста мы не працавалі", — кажуць рабочыя. Сёння яны збіраюцца звярнуцца ў Свабодны прафсаюз, які дзейнічае на заводзе, па дапамогу ў абароне сваіх інтарэсаў.