У Баранавіцкім раёне з будаўніцтва хаты скралі 100 пляшак гарэлкі

52-гадовы жыхар пасёлка Гарадзішча пачаў закупляць гарэлку яшчэ да падаражання. У хаце, якую ён будуе, паступова сабралася 32 скрыні спіртнога, адзначае Іntex-press. Мужчына перыядычна правяраў свой "бар", але нічога незвычайнага не заўважаў. Толькі калі нястача стала вялікай, ён затэлефанаваў у міліцыю.

У крадзяжы міліцыянты падазраюць 27-гадовага мясцовага жыхара, які дапамагаў пацярпеламу рабіць рамонт. Мяркуецца, што падазраваны на працягу амаль паўгода краў гарэлку дробнымі партыямі. Дарэчы, частку скрадзенага ў яго знайшлі.