Доступ да сайтаў "Хартыя-97" і "Беларускі партызан" абмежаваны

Генпракуратура 23 сакавіка 2011 года вынесла пастановы аб абмежаванні доступу да незалежных навінавых сайтаў "Хартыя’97" і "Беларускі партызан". Падставай для блакавання непажаданых сайтаў выстаўляюць Закон "Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь".

На думку пракуратуры, гэтыя сайты парушылі частку 2 артыкула 8 "Да атрымання дазволу на правядзенне масавага мерапрыемства яго арганізатар (арганізатары), а таксама іншыя асобы не маюць права абвяшчаць у сродках масавай інфармацыі аб даце, месцы і часу яго правядзення, вырабляць і распаўсюджваць з гэтай мэтай ўлёткі, плакаты і іншыя матэрыялы". Магчыма, гаворка ідзе аб абвестках пра Плошчу і Дзень Волі.

З 7 красавіка большасць беларускіх інтэрнэт-правайдэраў атрымалі абноўлены спіс абмежаванага доступу і абавязаны ў адпаведнасці з указам № 60 заблакаваць доступ да гэтых сайтаў для дзяржаўных органаў і арганізацый, а таксама арганізацый адукацыі і культуры, паведамляе "Наша Ніва".