У Беларусь адправяцца 175 мядзведзікаў са Швецыі (фота, відэа)

Кіраўнік Östgruppen Марцін Угла распавёў Еўрарадыё, што 11 лістапада ў Стакгольме праваабаронцы сабралі ад грамадзян 175 плюшавых мядзведзікаў. Як паведамлялася раней, гэтыя цацкі поштай адправяцца ў Беларусь да неўязных у Еўрасаюз чыноўнікаў.

У лісце, далучаным да кожнай цацкі, ідзе зварот ад мядзведзіка. Цацка нагадвае чыноўнікам, што ў Беларусі не выконваюцца такія свабоды, як свабода сходаў, асацыяцыяў і слова. "А калі Вы зробіцеся дабрэйшым і будзеце дзейнічаць ЗА правы чалавека, а не СУПРАЦЬ, мы разам завітаем да маіх сваякоў у Швецыю. Цяпер Вы не можаце ездзіць па краінах ЕС, але, як бачыце, гэта можна паправіць", — завяршае свой зварот плюшавая цацка.

Нагадаем, першы плюшавы дэсант над Мінскам і Івянцом адбыўся сёлета 4 ліпеня. Тады цацкі былі скінутыя са шведскага самалёта, які незаконна прыляцеў на тэрыторыю Беларусі.

Фота — ostgruppen.se