У Брэсце ўжо 5 год "хаваецца" музей вулічных ліхтароў (фота)
Аніяк не абазначаная экспазіцыя знаходзіцца на нешматлюднай паркоўцы за паркам 1 Мая.
Развіццё ілюмінацыі ў горадзе над Бугам прадстаўлена 17 ліхтарамі. Даведацца ж на месцы, да якіх гадоў адносіцца кожны з іх, не магчыма: папросту адсутнічаюць шыльды.
Аказваецца, "музей" быў заснаваны камунальным прадпрыемствам "Брэстгарсвятло" у 2007 годзе. А інфармацыю пра большасць экспанатаў усё ж такі можна даведацца на сайце арганізацыі.
Самы стары ліхтар — "Верставы". Падобнымі слупамі адзначалася кожная вярста пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (канец XVIII ст.) Каля пошты ўсталёўваўся слуп — "нулявая вярста" — пачатак усіх трактаў губерні. Астатнія экспанаты належаць ужо да XX стагоддзя.
Дарэчы, найбольшае ўражанне экспазіцыя робіць менавіта ў цёмны час сутак, калі ліхтары выконваюць свае непасрэдныя "абавязкі". На жаль, стан некаторых гаротны, і яны проста не працуюць.





