У галандскім Эйндховене ўшануюць памяць гвалтоўна зніклых беларусаў
16 верасня — трынаццатая гадавіна знікнення Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.
Штогод у гэты дзень праваабаронцы і палітыкі збіраюцца ў Эйндховене, каб ушанаваць памяць усіх знакамітых беларусаў, якія зніклі без вестак. Летась тут акрамя акцыі памяці прайшла таксама маштабная акцыя ў падтрымку беларускіх палітвязняў, перадае Радыё Свабода.
Сёлетняя цырымонія ўшанавання памяці зніклых пачнецца а 14.00. Сярод выступоўцаў — Ірына Красоўская (“Мы памятаем”), Марыйка Дюсселье (Amnesty International), палітык Ян-Марынус Віерсма, Натальля Каляда (Свабодны тэатр). Паэты Лео Месман і Піт ван дэн Боом прачытаюць свае вершы, прысвечаныя гвалтоўна зьніклым беларусам. Падчас цырымоніі будзе таксама зачытаны верш Уладзіміра Някляева “Памяці знiклых”, напісаны спецыяльна да гэтай даты.
Мерапрыемства арганізавана Amnesty International, FNV Mondiaal, Mission to Minsk і “Мы памятаем”.