У Глыбокім перапахавалі парэшткі польскага памежніка
Павел Палчынскі, які загінуў у баі 17 верасня 1939 года, нарэшце знайшоў свой апошні прытулак.
72 гады таму камандзір пагранічнай заставы Каменны Воз Павал Палчынскі прыняў няроўны бой супраць наступаўшай Чырвонай арміі. Па ўспамінах сведкаў тых падзей, ён адзін вёў бой больш за гадзіну і знішчыў некалькі дзесяткаў чырвонаармейцаў. Мясцовыя жыхары тайна пахавалі яго цела і з цягам часу месца пахавання забылася.
І вось нарэшце парэшткі героя былі годна перапахаваныя на Глыбоцкіх могілках побач з польскімі салдатамі, што загінулі пад час вайны 1920 года. У перапахаванні ўдзельнічалі ваенны аташэ польскай амбасады Ян Маньчынскі, першы сакратар консульства Польшчы Роберт Новакоўскі, ад мясцовай улады прысутнічаў галоўны ідэолаг глыбоцкага райвыканкама Міхаіл Чарапкоўскі.
Перад пахаваннем удзельнікі жалобнага мерапрыемства наведалі месца, дзе стаяла памежная застава, якую абараняў Павал Палчынскі, і ля якой яго цела праляжала 72 гады. На месцы заставы быў асвечаны крыж і памятная шыльда.




