У Гомелі экспануюцца дамскія часопісы пачатку ХХ стагоддзя (фота)

Выстава, прымеркаваная да свята 8 Сакавіка, адкрылася ў музеі гісторыі Гомеля. Мясцовыя жыхары, а хутчэй жыхаркі маюць добрую магчымасць убачыць “гламурныя”  часопісы часоў Расійскай Імперыі “Жанчына і гаспадыня”. А аздабляюць экспазіцыю прадметы жаночага ўжытку і фотаздымкі кабет пачатку ХХ стагоддзя з фондаў музея.

Як распавяла Еўрарадыё дырэктарка музея Юлія Купрэева, яе, як жанчыну,  заўсёды цікавіла пытанне, як выглядалі тагачасныя “Cosmopolitan”. І аказалася, што яны нічым не саступалі сучасным. У іх публікаваліся касметычныя рэцэпты, выразны́я выкрайкі для пашыву модных сукенак, рэцэпты танных і смачных страваў, разнастайныя парады да прання і нават фотаздымкі.

Акрамя магчымасці паглядзець на часопісы, кожны з наведвальнікаў можа пагартаць і пачытаць рэпрынтныя копіі прадстаўленых нумароў.