У Гомелі паказалі спектакль “Спакушэнне Францыска Скарыны” (фота)
Прэм’ера аднайменнай п’есы прайшла пры поўнай зале Гомельскага абласнога драматычнага тэатра.
Напачатку спектакля падзеі разгортваюцца ў наш час. Супрацоўніку аднаго з дзяржаўных універсітэтаў як мінімум пагражае пазбаўленне працы за махлярствы і за раманы са студэнткамі. Каб пазбегнуць пакарання, яму прапануюць адправіцца ў часы Сярэднявечча ў якасці Францыска Скарыны, тым больш, што выкладчык знешне вельмі падобны да беларускага першадрукара. Робіцца ўсё гэта не столькі для таго, каб даведацца пра паўсядзённае жыццё асветніка, як для таго, каб з дапамогай такой значнай асобы, як Францыск Скарына, паспрабаваць змяніць гісторычны і нават эканамічны шлях развіцця краіны.
Але нягледзячы на ўсе ўгаворванні і спакусы, пачынаючы ад бацькі Скарыны Лукі да Марціна Лютэра, так званы Францыск не змяняе абранага шляха да беларускай асветы.
Сканчваецца жа п’еса аповядам пра даволі цяжкую другую палову жыцця Скарыны і словамі: “Эміграцыя, прамая ці ўнутраная, сутнасць духа беларуса”.
Аўтарам п’есы з’яўляецца Іван Фёдаравіч Штэйнер — беларускі літаратуразнаўца, пісьменнік, член-карэспандэнт Міжнароднай Акадэміі навук Еўразіі, доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры беларускай літаратуры Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Студэнты гэтага факультэту дваццатага сакавіка змогуць бясплатна наведаць спектакль.




