У Гомелі затрымалі актывістаў за віншаванні з Днём абаронцаў Айчыны
23 лютага тры актывісты кааліцыі "Наша альтэрнатыва" хацелі павіншаваць грамадзян са святам.
Разам з тым яны ладзілі чарговую інфармацыйную акцыю ў рамках грамадскай кампаніі "Хопіць піць — трэба жыць!". Апоўдні каля ўнівермага "Гомель" актывісты пачалі раздаваць мінакам інфармацыйныя матэрыялы з заклікамі "Хопіць піць — час сям'ю карміць і краіну бараніць!", а таксама віншаванні з Днём абаронцы Айчыны.
Праз дзве-тры хвіліны да арганізатараў акцыі падышлі супрацоўнікі спецназу, перадае БелаПАН. Без тлумачэння прычынаў яны затрымалі маладых людзей і адвялі ў пастарунак. Там апынуліся Канстанцін Жукоўскі, Зміцер Карашкоў і Андрэй Папоў.
Яшчэ адзін чалавек у цывільным спрабаваць перашкодзіць незалежнай журналістцы Ларысе Шчыраковай рабіць відэаздымкі. Але за яе заступіліся калегі журналісткі. Тады невядомы заявіў, што хацеў пазнаёміцца з прыгожай дзяўчынай, і сышоў.