У Горках дзеля "Дажынак" хочуць знесці дом, у якім жыў Максім Гарэцкі

Жыхароў ужо папярэдзілі пра знос і паабяцалі даць новыя кватэры ў іншай частцы горада.

Як піша мясцовае выданне "Узгорак", пісьменнік пражыў па адрасе Акадэмічная, 3 у кватэры нумар 5 два гады – з 1926 па 1928. У Горках Гарэцкі працаваў загадчыкам кафедры беларускай мовы, літаратуры і гісторыі сельгасакадэміі.

На пачатку дзевяностых у былой кватэры класіка планавалі зрабіць музей. Але потым памяшканне вырашылі пакінуць новым жыхарам, а музей Гарэцкага зрабілі ў чацвёртым корпусе БДСГА. Пра тое, што ў доме некалі жыў Гарэцкі, можна даведацца з шыльды на ім. Аднак сам будынак не ўваходзіць у афіцыйны спіс гістарычнай спадчыны.