У Гродне ўратавалі тапельца ў часе падрыхтоўкі да воднага свята
Вадалазы з МНС павінны былі прарубіць палонку для паказальнага заплыву, які пройдзе на Нёмане ў часе свята “Зіма-2012”.
Калі яны займаліся ўладкаваннем палонкі, начальнік вадалазнай службы заўважыў на іншым беразе чалавека, які тануў. Гэта была жанчына, якая спрабавала схапіцца за кромку лёду. На ратавальнай дошцы адзін з супрацоўнікаў МНС пераправіўся да жанчыны, а другі з ратавальнымі вяроўкамі даплыў да яе. Сітуацыя ўскладнялася моцным цячэннем.
Уратаваць жанчыну ўсё ж удалося. 33-гадовая жыхарка Гродна шпіталізаваная. Як і навошта яна апынулася ў вадзе, пакуль не ўсталявана.