У ініцыятыўную групу Уса ўвайшлі Цярэшчанка, Шушкевіч, Фралоў
Але ўлады ўсё адно не дазволілі экс-кандыдату правесці сход інцыятыўнай групы па зборы подпісаў за змену Выбарчага кодэкса.
Такі адказ Дзмітрый Ус атрымаў з Мінгарвыканкаму.
Ус: "Адмовілі ў правядзенні сходу. Сказалі: глядзіце артыкул 5. Мы ператэлефаноўвалі — нібыта парушаная працэдура падачы дакументаў ва ўстаноўленым парадку. Хаця ўсё было зроблена ў адпаведнасці з законам. І зараз мы паўторна падаем заяўку. А калі што якое — будзем ужо ў суд падаваць".
Сход ініцыятыўнай групы Ус меркаваў правесці 28 студзеня. Наступную заяўку пададуць на наступным тыдні, каб правесці сход у сярэдзіне лютага. У групу ўваходзіць каля тысячы чалавек. У іх ліку, кажа Ус, ёсць такія вядомыя асобы як першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, экс-кандыдат у прэзідэнты Віктар Цярэшчанка, генерал Валерый Фралоў.
Ус прапануе змяніць Выбарчы кодэкс, каб кандыдаты мелі права накіроўваць ва ўчастковыя камісіі сваіх прадстаўнікоў. Акрамя таго, сябрам камісіі, якія прадстаўляюць кандыдатаў, трэба даць права ставіць свой подпіс на зваротным боку кожнага бюлетэня. Гэта, на думку экс-кандыдата ў прэзідэнты, дазволіць пазбегнуць незаконнага ўкідання бюлетэняў падчас датэрміновага галасавання.