У Коханаве абрынуўся фантан, пастаўлены замест лазні (фота)
Дэкаратыўны фантан не прастаяў і паўгода.
Мястэчка Коханава на Аршаншчыне сёлета мусіла адзначаць 500-гадовы юбілей. Да свята мясцовыя ўлады пачалі рыхтавацца ледзь не за год. Адной з навінак мусіў стаць дэкаратыўны фантан, які сімвалізаваў дабрабыт. Ён быў зроблены ў выглядзе "поўнай чашы", праз берагі якой пералівалася вада.
Каб паставіць фантан на цэнтральнай плошчы, улады Коханава перакінулі на яго грошы з будаўніцтва лазні. Аднак будаўнікі вырашылі зэканоміць на пабудове фантана, паведамляе грамадзянская кампанія "Наш Дом". І ён разваліўся, не прастаяўшы і паўгода. Недабудаванай засталася і лазня.