У Лівіі суд над сынам Кадафі адкладаюць на 5 месяцаў

Прычынай такой затрымкі стала неабходнасць вывучыць паказанні экс-кіраўніка лівійскай разведкі Абдулы Сенусі. Яго выдалі на радзіму з Маўрытаніі, інфармуе РБК. Абвінавачанне кажа, што да выдачы Сенусі суд над Сейфам аль-Ісламам, сынам зрынутага дыктатара Муамара Кадафі, мог пачацца ўжо ў гэтым месяцы.

Тым часам лівійскія праваабаронцы крытыкуюць працэсы над былымі паплечнікамі Муамара Кадафі. У цяперашніх надзвычайных акалічнасцях судовая сістэма Лівіі не прыстасаваная для сумленных і бесстаронніх працэсаў, мяркуе былы міністр юстыцыі Махамед Алагі, які зараз узначальвае Лівійскую раду па правах і свабодах чалавека.

Сярод высокапастаўленых службоўцаў, якія ўжо з'явіліся перад судом, варта адзначыць супрацоўніка разведкі Бузейда Дорда, былога міністра замежных справаў Абджль-Аці аль-Абяйдзі, а таксама экс-кіраўніка Агульнага народнага кангрэсу Махамеда Звая.