У Мінску на 1000 жыхароў – усяго 4 месцы ў гатэлях
А трэба не менш за 10 месцаў. Таму ў сталіцы плануецца пабудаваць 64 новых гасцініцы. 22 з іх паўстануць да чэмпіянату свету па хакеі 2014 года
18 красавіка ў гатэлі “Еўропа” абмяркоўвалі, як будзе змяняцца гасцінічны сектар Мінска ў бліжэйшыя гады.
Старшыня мінскага гарадскога савета дэпутатаў Міхаіл Савановіч адзначае недастатковае развіццё гасцінічнай гаспадаркі горада.
“Сёння Мінск мае толькі 4 месцы ў гасцініцах на 1000 жыхароў. У той час як нормай лічыцца 10-14 месцаў. Горад робіць шмат для развіцця гасцінічнай структуры. Прынята праграма развіцця гасцініц. Асноўны упор робіцца на будаўніцтва гасцініц да чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе”.
Пакуль што ў сталіцы Беларусі з большага абнаўляюць гасцініцы, пабудаваныя раней. Да чэмпіяната свету па хакеі ў адпаведнасць міжнародным нормам мусяць быць прыведзеныя 15 такіх гатэляў. Акрамя таго, падабрана 64 пляцоўкі для будаўніцтва новых гасцініц.
Міхаіл Савановіч: “Сёння працы ідуць на 8 пляцоўках. На 7 пляцоўках літаральна ў першым паўгоддзі – у красавіку-траўні – пачнецца будаўніцтва. У нас шырокае поле дзейнасці для міжнародных арганізацый: з 64 пляцовак 26 яшчэ не маюць інвестараў. Таму мы з задавальненнем будзем супрацоўнічаць з любымі кампаніямі”.
Згодна з прынятай праграмай, да 2014 года плануецца пабудаваць 22 гатэлі на 5,5 тысяч месцаў. Гатэлі ад трох да пяці зорак з’явяцца па ўсім Мінску: у Чыжоўцы, у цэнтры, на Нямізе, на праспекце Пераможцаў. Акрамя таго прадугледжана рэканструкцыя гасцініц “Беларусь” і “Кастрычніцкая”.
На думку Савановіча, сярэдні кошт месца ў гасцініцах не зменіцца:
“Сёння з 28 мінскіх гасцініц толькі 11 сертыфікаваныя і маюць катэгорыю. Сярэдні кошт па горадзе скаладае 156 тысяч рублёў за месца. Пры тым, што ўсе ведаюць, якія кошты ў гатэлі “Еўропа”. То бок мы маем гасцініцы з вельмі нізкімі коштамі! І так будзе далей. Якасць абслугоўвання будзе павышацца. А ў цэнтры горада будуць будавацца пяцізоркавыя гатэлі – як, напрыклад, Hilton на Кірава-Леніна.”
Але ці спатрэбіцца Мінску столькі гасцініц, калі сталіца Беларусі раптам пазбавіцца хакейнага чэмпіянату? Рэзалюцыя Кангрэсу ЗША заклікае перанесці чэмпіянат па хакеі з Беларусі, калі беларускія ўлады не вызваляць усіх палітзняволеных.
Фота: aparton.com