У міліцыю прымаюць на заробак, які ў тры разы большы, чым у школе

110902 Martin Mus.mp3

“Улічваючы тое, што ў вас пакуль ні выслугі, нічога не будзе, арыенціровачна вы будзеце атрымоўваць на сённяшні дзень мільён шэсцьсот, мільён семсот. З часам, калі выслуга будзе ісці, даюцца дадатковыя прэміі”, – барысаўскі райаддзел міліцыі з радасцю бярэ на працу выпускнікоў сярэднеспецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў. Сярод патрабаванняў – ўзрост да 30 гадоў. Нават служба ў арміі не абавязковая. Толькі без дыплома аб юрыдычнай адукацыі працаваць можна на абмежаванай колькасці пасад.

“Альбо участковы інспектар міліцыі, ёсць інспектар ДПС. Але там трэба, каб у вас былі правы. На сённяшні дзень гэта ўсё. З вышэйшай адукацыяй яшчэ можна ў інспекцыю па справах непаўналетніх. Вось гэтыя дзве пасады, якія не патрабуюць адмысловай адукацыі. Толькі наяўнасць любой вышэйшай. Усё іншае ідзе ўжо з юрыдычнай, а калі АБЭП, то і эканамічнай. Раней і ў ДАІ трэба было з нечым, звязаным з аўтамабілебудаваннем, альбо тэхнічным, зараз дазволілі з любой вышэйшай”.

Адзінай перашкодай на шляху да кар’еры ў структурах міністэрства ўнутраных спраў з’яўляецца судзімасць: “Калі ў вас ёсць судзімасць, незалежна ад таго, пагашаная ці не, мы з вамі не зможам”.

Падобная сітуацыя ў сталічнай міліцыі. Вось толькі мінская ДПС ужо ўкамплектаваная.

“Вы можаце прэтэндаваць на пасаду участковага інспектара міліцыі. У крымінальны вышук вы не можаце пайсці, у следчыя вы таксама не можаце. На участковага. У ДАІ у нас ужо камплект. Можаце пайсці на міліцыянера-кіроўцу, альбо на міліцыянера-канваіра”, – расказваюць карэспандэнту Еўрарадыё ў Цэнтральным РУУС Мінска.

Суцяшае тое, што ў Мінску ўчастковыя міліцыянеры зарабляюць больш за іншых супрацоўнікаў міліцыі.

“Прыкладна магу вам сказаць – два мільёны. Участковы ў нас зарабляе больш за ўсіх. На паўтара мільёны адразу можаце разлічваць”.

Каб параўнаць заробкі маладых міліцыянераў з заробкамі маладых настаўнікаў, карэспандэнт Еўрарадыё адгукнуўся на прапанову адной з мінскіх школ. Там ёсць вакансія настаўніка матэматыкі. Зарабляе малады спецыяліст у тры разы менш, чым малады ўчастковы.

“У вас стажу няма, катэгорыі няма. Стаўка такога настаўніка 560 тысяч”.

Можна толькі здзіўляцца, чаму настаўнікі ўсе не збеглі ў міліцыю.