У мінскім аэрапорце на расіяніна ўпала арматурная сетка
Высветлілася, што падчас стыхіі, якая абрынулася на некаторыя рэгіёны Беларусі, усё ж ёсць адзін пацярпелы. Прычым, замежнік — 21-гадовы грамадзянін Расіі.
Нагадаем, на працягу апошніх сутак з-за моцнага ветру ў нашай краіне пацярпеў 231 населены пункт у Брэсцкай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абласцях. У 1190 населеных пунктах адбылося адключэнне электраэнергіі. Паведамлялася, што пацярпелых няма.
Аднак, як інфармуе БелаПАН, у сталічнай лякарні знаходзіцца памочнік майстра, які працаваў на будоўлі ўчастка перона на тэрыторыі Нацыянальнага аэрапорта "Мінск". А 15-й гадзіне ў аўторак моцным парывам ветру з зямлі была паднятая арматурная сетка, якая ўпала на расіяніна. Ён атрымаў шматлікія траўмы. Праваахоўныя органы праводзяць праверку.