У Мінску не дазволілі зладзіць міні-футбольны “Купальскі кубак”
Міліцыя сачыла за ўдзельнікамі турніру так, быццам яны хацелі зладзіць несанкцыянаваную палітычную акцыю.
Турнір па міні-футболе “Купальскі кубак” ладзяць у Мінску раз на два гады. Упершыню ён прайшоў у 2003 годзе на прызы Мінскай арганізацыі “БНФ Адраджэнне”. Сёлета яго планавалі правесці ў спартовым комплексе ў Серабранцы 18 чэрвеня. За два тыдні кіраўніцтва комплексу дало арганізатарам згоду. Аднак зранку, калі ўдзельнікі туды прыехалі, была нечаканая адмова: нібыта ў спарткомплексе ладзяць іншае мерапрыемства.
Арганізатар “Купальскага кубка” Сяргей Мудрачэнка распавёў Радыё Свабода, што не знайшлося ніводнага іншага месца. Тады вырашылі пайсці на бліжэйшы школьны стадыён і там проста пагуляць у футбол. Праз паўгадзіны туды прыехалі два афіцэры міліцыі і патлумачылі, што іх накіравалі назіраць за гульцамі.
Спадар Мудрачэнка здзіўлены такой рэакцыяй праваахоўных органаў. У яго склалася ўражанне, што гэта быў мэтанакіраваны пераслед. “Узровень паранойі дасягнуў такога ўзроўню, што ў футбольным турніры ўжо бачаць несанкцыянаваную акцыю", — сказаў ён.