У Мінску пакажуць лепшыя нумары з “Поргі і Бес” Гершвіна
Як завяшчаў кампазітар, галоўныя ролі славутага твора выканаюць цемнаскурыя артысты, што адмыслова прыляцяць у Мінск і далучацца да беларускіх музыкаў.
Упершыню ў Мінску — “Поргі і Бес”! Праўда, толькі канцэрт паводле твору Джорджа Гершвіна — то бок, самыя папулярныя нумары з першай нацыянальнай амерыканскай оперы. А выконваць галоўныя ролі пад акампанемент сімфанічнага аркестра пад кіраўніцтвам маэcтра Аляксандра Анісімава будуць, як і завяшчаў кампазітар, цемнаскурыя салісты — Майкл Рэдзінг і Кеарсцін Пайпер Браўн.
“Ідэя пастаноўкі ўзнікла ў мяне, як у прадзюсара праекту. Яшчэ дагэтуль я ладзіў джазавыя вечары і канцэрт амерыканскіх сперычуэлсаў і джазу. “Поргі і Бес” — музыка цікавая, калі ў ёй зліваюцца стылі і класікі, і блюзу. Я прапанаваў Аляксандру Анісімаву зрабіць такі твор, ён гэтую ідэю падтрымаў і стаў мастацкім кіраўніком праекту”, — распавядае пра ідэю пастаноўкі музычны прадзюсар праекту Фарыд Сулейман.
Апроч нумароў з “Поргі і Бес”, публіка, што наведае Беларускую дзяржаўную філармонію 29 чэрвеня, таксама пачуе іншыя творы Гершвіна: аркестравую ўверцюру “Амерыканец у Парыжы” і “Рапсодыю ў стылі блюз”. Нагадаем, прэм’ера “Поргі і Бес” адбылася ў Бостане ў 1935 годзе. У аснове лібрэта ляжыць раман амерыканскага пісьменніка Хайуарда. А асаблівасць твора ў тым, што ён спалучае элементы негрыцянскага фальклору і блюзавыя матывы і выходзіць за межы канонаў класічнай оперы.

Фота: www.tarbut.zahav.ru