У Мінску застрэлілі былога дэпутата грузінскага парламента

Як інфармуе БелаПАН, у двары жылога дома № 31 прыблізна ў 1.10 у 45-гадовага мужчыну некалькі разоў стрэлілі з агнястрэльнай зброі, у тым ліку ў галаву. Паводле следства, ва ўчыненні забойства ўдзельнічала некалькі чалавек. Адна з асноўных версій — заказное забойства, звязанае з крымінальнымі разборкамі. Па справе працуе следчая група, якая складаецца з дасведчаных спецыялістаў.

Як паведамляе грузінская тэлекампанія "Руставі-2", разам з Шалікіяні быў забіты мужчына, які яго суправаджаў.

Інфармагенцтва "Новости-Грузия" цытуе былога дэпутата грузінскага парламента Валерыя Гелбахіяні, які сустракаўся з Шалікіяні ў Беларусі, калі некалькі гадоў таму тут жыў: "Я раніцай патэлефанаваў маім сябрам, якія жывуць у Мінску, і яны мне паведамілі, што Шалікіяні быў забіты кілерам, іншыя абставіны гібелі Шалікіяні мне невядомыя".

Грузінскія СМІ адзначаюць, што загінулы лічыўся найбольш уплывовай асобай у рэгіёне Імерэці (Заходняя Грузія). Ён кантраляваў бізнэс нафтапрадуктаў і валодаў тэлекампаніяй "Кутаісі". У той жа час розныя палітычныя сілы абвінавачвалі Шалікіяні ў сувязях з крымінальным светам. У сакавіку 2004-га яго затрымлівалі ў выніку спецаперацыі.

Тады супраць Бонда Шалікіяні высунулі абвінавачанні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, захопе чужой маёмасці і незаконным захоўванні агнястрэльнай зброі. Аднак ужо ў ліпені ён выйшаў на волю. Шалікіяні "добраахвотна" перадаў дзяржаве санаторый, які быў у яго ўласнасці, а таксама акцыі некалькіх прадпрыемстваў. Ён таксама кампенсаваў страты, нанесеныя дзяржаве — заплаціў 190 тысяч долараў.

Фота — onliner.by, newsgeorgia.ru